Палітолаг: Цана расейскай падтрымкі ўзрастае



Вядомы беларускі палітолаг Валер Карбалевіч пракаментаваў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі ў Маскве.

„Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава, – адзначае палітолаг у сваім тэлеграм-канале.  – Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасці медыяў кажуць банальныя рэчы пра жаданне развіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытанняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасля перамоваў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды.

Цяпер традыцыя была радыкальна парушаная. Расейскі журналіст раптам, насуперак усім пратаколам, вырашыў задаць пытанне абодвум кіраўнікам. І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал «Россия» даў усё гэта ў этэр. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка.

Пытанні тычыліся дачыненняў з Украінай. Зразумела, гэта быў спланаваны крамлёўскі сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытанні расейска-ўкраінскіх дачыненняў. І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы у Маскву па чарговыя даброты, апынуўшыся перад тэлекамэрамі, ён проста ня меў выбару. Ён падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся з лідарамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзідэнту Расеі на ўкраінскага кіраўніка («Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць Менскія пагадненні. Тым самым падтрымаўшы Расею ў яе канфлікце з Украінай. Што і патрабавалася.

Такім чынам, спачатку супольная аперацыя КДБ і ФСБ супраць мітычных змоўшчыкаў спаліла масты у адносінах Беларусі з ЗША, а разам з гэтым абрушыла і канструкт шматвектарнасці. А цяпер руйнуецца беларускі нейтралітэт адносна расейска-ўкраінскага канфлікту. Ад былой пазіцыі Беларусі як мадэратара, пасярэдніка ў гэтым супрацьстаянні застаецца ўсё менш. Усё гэта — плата за расейскую падтрымку Лукашэнкі. І, гледзячы па ўсім, цана гэтай падтрымкі ўзрастае”.