НАТА гатова разглядаць заяўку Украіны



НАТА гатова вывучыць заяўку Украіны на сяброўства ў альянсе, калі яна вырашыць падаць яе. Пра гэта заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг ў Брусэлі на форуме, арганізаваным Фондам Маршала, паведамляе Укрінформ.

– Ці будзе Украіна чальцом НАТА ці не – гэта пытанне, якое павінна вырашаць Украіна, – ці будзе яна падаваць заяўку. Калі падасць, вывучым яе заяўку такім жа чынам, як вывучаем заяўкі ад любой іншай краіны, – сказаў генеральны сакратар.

У 2015 годзе падраздзяленні і асобныя вайскоўцы Узброеных сіл Украіны прымуць удзел у 237 мерапрыемствах індывідуальнай праграмы партнёрства з НАТА.

* * *

Усе разумеюць, што Украіна не стане сябрам НАТА, адзначыў у нашым эфіры палітолаг Аляксандр Салантай.

Пазаблокавы статус Украіны ды яе федэралізацыя, паводле французскага выдання Le Figaro, менавіта такія саступкі прадугледжвае план Ангелы Меркель і Франсуа Аланда, які яны прадставяць у Маскве ў час сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Ад маскоўскіх перамоваў не варта чакаць вялікага поспеху, мяркуе ўкраінскі эксперт:

– Перамір’е можа быць толькі тады, калі абодва бакі ўжо не маюць вайсковых рэзерваў, або не хочуць наступаць. Украінскі бок не будзе наступаць у ніякіх абставінах, адпаведна застаўся расейскі. Расейскі бок адчувае ў сабе сілы і мае рэзервы, каб здзейсніць наступ, таму ніякае перамір’е падпісанае на паперы рэалізавана на практыцы не будзе.

Напярэдадні быў апублікаваны план урэгулявання сітуацыі на Данбасе, прапанаваны Уладзімірам Пуціным. Паводле ўкраінскіх палітыкаў, гэты план прадугледжваў узнікненне на Усходзе Украіны новага Прыднястроўя.

У сваю чаргу нямецкія і французскія дыпламаты кажуць, што перамовы могуць адбывацца толькі на падставе вераснёўскіх дамоўленасцяў у Менску, з вывадам расейскіх войскаў і перадачай Данбасу пад кантроль украінскай адміністрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя