Палітрада АГП патрабуе ад улад спыніць рэпрэсіі



Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) патрабуе ад улад спыніць „адвольныя затрыманні, выкраданні людзей, фабрыкацыю спраў і рэпрэсіі” ў дачыненні да беларусаў.

Як адзначаецца ў распаўсюджанай 12 ліпеня заяве партыі, „у месцах зняволення ўжо знаходзяцца каля трох тысяч чалавек, якія асуджаныя і ўтрымліваюцца па палітычных матывах”, у тым ліку намеснік старшыні АГП Аляксандр Кабанаў, члены палітрады Сяргей Альшэўскі і Леанід Судаленка, а таксама актывіст партыі Уладзімір Няпомняшчых.

Таксама праз 72 гадзіны ад затрымання на волю не выйшлі сябры партыі, гомельскія актывісты Васіль Палякоў і Ілля Міронаў. Палякова затрымалі раніцай 8 ліпеня. Падчас вобшуку ў яго канфіскавалі сродкі сувязі і інфармацыйныя носьбіты. Пазней яму выставілі крымінальны артыкул, звязаны з тэрарызмам, гаворыцца ў заяве АГП.

„Ідзе чарговая хваля арыштаў, тэрор працягваецца. Палітрада АГП патрабуе спыніць адвольныя затрыманні, выкраданні людзей, фабрыкацыі спраў, рэпрэсіі і тэрор у дачыненні да ўласнага народа, паколькі гэта абвастрае канфлікт у грамадстве і вядзе да пагаршэння сітуацыі ва ўсіх сферах жыцця краіны. Палітрада АГП заяўляе, што замест спроб знішчэння грамадзянскай супольнасці рэжыму неабходна шукаць мірны выхад з палітычнага крызісу”, — падкрэсліваецца ў заяве партыі.

belapan.by