Палітсавет АГП: Адзіным носьбітам суверэнітэту Беларусі з’яўляецца народ
За тыдзень да анансаванага падпісання Лукашэнкам і Пуціным інтэграцыйных дакументаў кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) выступіла ў падтрымку беларускага суверэнітэту.
„Правальная эканамічная, сацыяльная і знешняя палітыка Аляксандра Лукашэнкі завяла краіну ў тупік і паставіла на мяжу катастрофы і знікнення як незалежнай суверэннай дзяржавы”, — гаворыцца заяве палітсавета АГП, прынятай 1 снежня.
Партыя асцерагаецца таго, што пад націскам эканамічных фактараў улады могуць „здаць суверэнітэт Беларусі, паставіць яе пад поўны кантроль агрэсіўнага крамлёўскага кіраўніцтва і набліжанай да гэтага кіраўніцтва расейскай алігархіі”. „Пра гэта недвухсэнсоўна сведчаць заявы беларускіх чыноўнікаў, афіцыйных беларускіх СМІ і расейскіх масмедыя наконт так званага „далейшага паглыблення інтэграцыі”, інтэнсіўнасць якіх у апошнія тыдні значна павялічылася”, — адзначае палітсавет АГП.
Партыя нагадвае, што згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, „адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ”, які ў выпадку любых спроб аншлюсу „мае права адстойваць сваю незалежнасць любымі спосабамі і сродкамі”. „Любыя дзеянні службовых асоб Рэспублікі Беларусь, у тым ліку падпісанне дакументаў, якія падрываюць эканамічны ці палітычны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, будуць расцэньвацца як дзяржаўная здрада”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Палітсавет АГП таксама адзначае, што ні кіраўнік дзяржавы, ні парламент „не з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі беларускага народа”, бо „грамадзяне Беларусі ўжо даўно пазбаўленыя канстытуцыйнага права абіраць органы выканаўчай і заканадаўчай улады”. „У краіне павінны быць праведзеныя вольныя справядлівыя выбары па стандартах АБСЕ, якія дазволяць беларускаму народу абраць легітымныя органы выканаўчай і заканадаўчай улады. Да таго, як яны будуць сфарміраваныя, любыя перамовы, якія тычацца пытанняў суверэнітэту, павінны быць спыненыя”, — заяўляе кіраўніцтва партыі.
АГП заклікае „ўсе палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні ўстаць адзіным фронтам на абарону Канстытуцыі, суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, зрабіўшы гэта сваёй першачарговай задачай”, а грамадзян Беларусі — „быць гатовымі да абароны суверэнітэту і незалежнасці сваёй краіны, як гэта патрабуе арт. 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.
АГП таксама заклікае ўрады ЗША і Вялікабрытаніі, якія падпісалі Будапешцкі мемарандум 1994 года аб гарантыях бяспекі і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, „адназначна і катэгарычна выступіць у падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі”.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна плануецца ў Маскве 8 снежня, яна прымеркаваная да 20-годдзя дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Чакаецца, што на падпісанне кіраўнікам дзяржаў будуць прадстаўлены дарожныя карты інтэграцыі дзвюх краін у розных сферах.
Гутарачы з журналістамі 17 лістапада, Лукашэнка заявіў, што не падпіша ні адзін дакумент па інтэграцыі з Расіяй, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам беларускага грамадства. „Я не меншы патрыёт, чым вы. Самы галоўны прынцып — суверэнітэт і незалежнасць нашага грамадства. Не трэба ніякай канспіралогіі. Усё вядзецца адкрыта, і апошні раз прэм’ер-міністр сказаў (гэта выпрацаваная пазіцыя): калі не будуць вырашаны нашы прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых вытворцаў як след, зняцці бар’ераў, ніякія дарожныя карты не будуць падпісаныя”, — запэўніў ён.
belapan.by