Палітвязень Эдуард Лобаў выйшаў на волю
Раніцай з калоніі № 22 у Івацэвічах Берасцейскай вобласці вызваліўся актывіст „Маладога фронту”, палітычны вязень Эдуард Лобаў. Каля калоніі яго сустракалі прыблізна дзесяць чалавек, у тым ліку паплечнік і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, сваякі, блізкія і журналісты. Лобаў сказаў, што хоць і мае спецыяльнасць зваршчыка, але ў калоніі не працаваў, „бо не плацілі”. Адносіны з іншымі зняволенымі, паводле яго словаў, былі нармальнымі:
– Хтосьці раздзяляў мае погляды, хтосьці – не. Адносіліся да мяне нармальна.
Карэспандэнт: Як ставяцца ў калоніі да Лукашэнкі?
Эдуард Лобаў: Як хто. 50 на 50.
Карэспандэнт: Якія ў вас былі пакаранні?
Эдуард Лобаў: За тое, што хадзіў у іншы атрад, або спаў у неадведзены час. Гэта былі рэальныя парушэнні.
Карэспандэнт: На будучыню нешта плануеце?
Эдуард Лобаў: Трэба яшчэ падумаць. Адназначна нічога сказаць не магу.
Эдуард Лобаў быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пасля выхаду з калоніі над Лобавым устанавілі прэвентыўны нагляд на адзін год.
Беларускае Радыё Рацыя паводле БелаПАН
* * *
Эдуард Лобаў выйшаў на волю з калоніі „Воўчыя норы” ў Івацэвічах каля 8:15 сёння, 18 снежня, паведамляе „Наша Ніва”.
Ён правёў за кратамі роўна чатыры гады. У Івацэвічы сустракаць яго сабраліся сябры, проста спагадныя людзі і журналісты.
Як паведаміў Эдуард па выхадзе са сценаў турмы, яшчэ у 2011-м яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, ён адмовіўся і з таго часу яму пра гэта не казалі.
У сувязі з прызначэннем прэвентыўнага нагляду Лобаў пакуль не ведае, чым будзе займацца, але падкрэсліў, што ў турме яго погляды не змяніліся і ён будзе працягваць грамадска-палітычную дзейнасць.
Лобаў быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам 18 снежня 2010 г., за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.
Паводле міліцыі, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Праўда, гэтыя нідзе не працуючыя грамадзяне так і не з’явіліся ў судзе ўжывую.
Затрыманне Дашкевіча і Лобава было ацэнена яе прэвентыўная мера міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 24 сакавіка 2011 г. Лобаў быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Дашкевіч — да двух гадоў.
[youtube id=”sKNLD1H5KeQ”]
* * *
Заўтра заканчваецца тэрмін зняволення маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Пасля чатырох гадоў за кратамі ён павінен выйсці на свабоду. Як чакаецца, да папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы» ў Івацэвічах паедуць сустракаць Эдуарда Лобава журналісты, а таксама паплечнікі і сваякі палітвязня, адзначае яго маці Марына Лобава:
– Вы ведаеце, я да вызвалення не хачу даваць якіх-небудзь каментароў, каб не шукаць яго потым па ўсёй Беларусі. Мы не ведаем, у колькі гэта будзе, нам не паведамляюць гэта з калоніі.
Эдуард Лобаў атрымаў турэмны тэрмін па сфабрыкаваным абвінавачванні ў злосным хуліганстве разам з паплечнікам Змітром Дашкевічам. Паводле прысуду, яны 18 снежня 2010 году, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава было ацэнена як прэвентыўная мера міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Лобаў быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Дашкевіч — да двух гадоў. Пасля вызвалення “маладафронтаўца” за кратамі ў Беларусі застанецца яшчэ пяць палітычных зняволеных.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя