Палітвязень Філіп Шаўроў пакараны штрафам



Актывіст не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту” палітвязень Філіп Шаўроў прызнаны вінаватым у хуліганстве і прыгавораны да штрафу 50 базавых велічынь (1.350 рублёў). Такое рашэнне прыняў на пасяджэнні 19 мая ў судзе Цэнтральнага раёна Менска суддзя Ігар Касцян, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале праваабарончае аб’яднанне „Прававая ініцыятыва”, прадстаўнікі якога назіралі за працэсам у зале суда.

Такое пакаранне для Шаўрова запытвала дзяржаўны абвінаваўца пракурор Маргарыта Курыловіч.

Шаўрова абвінавацілі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткамі 1 і 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Згодна з абвінавачаннем, 16 і 17 студзеня 2020 года ён нанёс фарбай выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінулым супрацоўнікам МУС, а таксама пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка Аляксандру Пушкіну ў Менску. 17—19 студзеня Шаўроў нанёс надпіс „1937” на агароджу помпавай станцыі ў пасёлку Бараўляны (Мінскі раён).

Актывіста затрымалі 19 студзеня пасля таго, як ён сам з’явіўся ў міліцыю і прызнаўся, што пафарбаваў рукі помніка Пушкіну. Абвінавачанне ў хуліганстве яму выставілі 18 сакавіка. 16 красавіка дзевяць праваабарончых арганізацый Беларусі прызналі Шаўрова палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў неадкладна спыніць яго крымінальны пераслед. 7 мая актывіст быў вызвалены з-пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе.

На першым пасяджэнні суда, якое адбылося 18 мая, Шаўроў прызнаў віну часткова. Ён заявіў, што „графіці нанёс без нейкага злога намеру”. Паводле слоў абвінавачанага, ён усвядоміў няправільнасць сваіх дзеянняў і напісаў яўку з павіннай. Шаўроў растлумачыў, што яго дзеянні былі палітычнай акцыяй, але пры гэтым не скіраваныя на знішчэнне помнікаў. Малады чалавек папрасіў прабачэння ва ўсіх, каму яго дзеянні „прычынілі нязручнасці”.

На спрэчках 19 мая дзяржабвінаваўца заявіла, што палітычныя матывы здзяйснення злачынства „не лічацца апраўдальнымі”. Курыловіч адзначыла, што Шаўроў загадзя купіў балончыкі з фарбай, прыгледзеўся да месца размяшчэння помнікаў, выключыў тэлефон перад учыненнем супрацьпраўных дзеянняў, „што можна расцаніць як намер”. Яна заявіла, што абвінавачаны пашкодзіў помнікі „дзеля дэманстратыўнай непавагі да гісторыі, грамадскага спакою і чужой маёмасці”. Малады чалавек, сказала пракурор,” раней не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і не мае пастаяннага месца працы”, але таксама адзначыла яго добраахвотную яўку з павіннай і дапамогу следству.

У сваю чаргу адвакат Шаўрова Яўген Маслаў прасіў суд вынесці апраўдальны прысуд або перакваліфікаваць яго дзеянне ў адміністрацыйную плоскасць. Абаронца сумняваецца ў тым, што нанясенне фарбы на помнікі Пушкіну, супрацоўнікам МУС і бетонную сцяну можна расцэньваць як псаванне маёмасці, бо пры пашкоджанні маёмасць прыходзіць у непрыдатнасць.

Паводле слоў адваката, Шаўроў здзейсніў свае дзеянні „не з хуліганскіх меркаванняў і не з мэтай абразіць грамадзян Беларусі”. Абаронца прасіў улічыць, што падсудны кампенсаваў усю прычыненую шкоду і папрасіў прабачэння ва ўсіх, каго абразілі яго дзеянні.

Выступаючы з апошнім словам, Шаўроў сказаў: „Высокі суд, я прашу прабачэння ва ўсіх, каго мае дзеянні абразілі. Запэўніваю, што пасля абвяшчэння прысуду ўладкуюся на працу і не буду падобным больш займацца”.

belapan.by

Фота Сяргея Сацюка