Палітвязень Ігар Лосік 16 месяцаў за кратамі
Суд у яго справе ідзе ў гомельскім СІЗА ўжо амаль чатыры месяцы.
За працэсам сочыць Аляксандр Лукашук, дырэктар Беларускае службы «Радыё Свабода», з якой Ігар супрацоўнічаў у якасці кансультанта.
– Неўзабаве будзе 500 дзён, як ён знаходзіцца ў турме. Зараз ідзе закрыты судовы працэс. Яго судзяць разам з Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім. І канца гэтаму не відаць. Нават яшчэ допыты не пачаліся. Ужо паўтысячы дзён яго імя ў нас на сайце. У мяне ў кабінеце, напрыклад, здымак яго дачкі. Калі Ігара арыштавалі, ёй быў год, і ўжо зараз два з нечым. Гэта ўплывае на працу рэдакцыі, на працу журналістаў.
На гэтым тыдні амерыканская дыпламатка Джулі Фішэр пагутарыла з жонкай палітвязня Дар’яй Лосік. Яна паведаміла, што пра Ігара ў Вашынгтоне гавораць практычна кожны дзень, і ніхто ні ў якім выпадку яго не забыў.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прысуд па справе Лосіка і іншых палітзняволеных можа быць агучаны да канца бягучага месяца.
Па стане на 24 кастрычніка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 817 чалавек. Усяго каля 3 000 праходзяць па крымінальных справах палітычнага характару.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя