Палітвязень Мікалай Дзядок адбыў 8 сутак у карцары
Вязень магілёўскай турмы, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок змешчаны ў адзіночную камеру, як і Мікалай Статкевіч. „Адзіночцы” папярэднічаў карцар, але за што гэтак пакаралі мужа, жонка Мікалая Дзядка Валерыя не ведае.
У лісце, які яна атрымала, Мікола Дзядок распавядае, што ў карцары адбыў 8 дзён, але не паведаміў, за што. Ён напісаў, што цяпер яго змясцілі ў адзіночную камеру. Раней у яго была камера на 6 чалавек.
Апошні раз палітвязень Мікалай Дзядок сядзеў у карцары ў жніўні, там сустрэў дзень народзінаў. Мікалаю Дзядку засталося сядзець яшчэ каля 4 месяцаў. Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 гады зняволення за хуліганскія дзеянні адносна афіцыйных будынкаў.
Палітвязень сваёй віны не прызнаў і адмаўляецца падпісваць прашэнне пра памілаванне. Трымаюць Мікалая Дзядка ў магілёўскай турме. Тэрмін пакарання Дзядка заканчваецца ў лютым 2015 года.