Працяг галадоўкі палітвязня Юрыя Рубцова



24 студзеня трэці дзень галадоўкі палітвязня Юрыя Рубцова, які адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў вёсцы Куплін на Берасцейшчыне.

24 студзеня актывіст накіраваў адмысловую заяяву начальніку калоніі ў Купліне.

– Я абвясціў бестэрміновую галадоўку. Прычыны: адсутнасць працы, а таксама платы за работу ў эквіваленце 600 даляраў. Другая прычын тым, што праз галадоўку я хачу дамагчыся выканання 33 артыкулу Канстытуцыі – штодзённа прадастаўленая 1 гадзіны эфірнага часу на тэлебачанні для ўсіх апазіцыйных сілаў краіны. 

Юры Рубцоў заяўляе, што яго галадоўка безтэрміновая, пакуль не будуць выкананыя яго патрабаванні

Да перамоваў па справе выканання сваіх патрабаванняў Юры Рубцоў ўпаўнаважыў прафесара Уладзіміра Мацкевіча. Беларускія праваабаронцы прызналі Юрыя Рубцова палітвязнем.

Валянціна Лаеўская,  Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Палітвязень Юры Рубцоў, які адбывае свой тэрмін у спецкамендатуры №7 у Купліне, што на Пружаншчыне, чакае працы. Яму яе павінны знайсці супрацоўнікі камендатуры. Але пошукі зацягнуліся, магчыма, таму, што працы для яго з сярэднім заробкам у 600 даляраў на Пружаншчыне  знайсці нялёгка, лічыць палітзняволены Юры Рубцоў:

– Яны запыталі: „Які заробак хочаце?” Як запісана ў Канстытуцыі, каб была годная, у кожным выпадку не меншая, чым сярэдняя па краіне – 600 даляраў. Яны: „600 даляраў мы не атрымліваем”. Я кажу: „Прабачце, Лукашэнка сказаў, што ўсе атрымліваюць па 600 даляраў, дык каму я павінен больш верыць, вам ці Лукашэнку?” Тут яны ўжо сказаць нічога не могуць, на Лукашэнку ж не будуць казаць, што Лукашэнка падманвае.

У кастрычніку 2014 года Юры Рубцоў быў асуджаны суддзёй Наталляй Вайцэховіч у судзе Цэнтральнага раёна Менска да 2,5 гадоў „хіміі”. Год быў скарочаны па амністыі.

Беларускае Радыё Рацыя