Палітвязні не павінны быць разменнай манетай
Палітвязні не павінны быць разменнай манетай, – лічаць удзельнікі форму „Свабоду палітвязням Беларусі”, які адбыўся ў Менску 30 студзеня. Па словах каардынатаркі гэтага праекту Ганны Шапуцькі, зараз у зняволенні па палітычных матывах як мінімум, 8 чалавек.
Ганна Шапуцька: Гэта праваабаронца Міхаіл Жамчужны, гэта краязнаўца Алесь Юркойць, гэта чацвёра хлопцаў антыфашыстаў: Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Зміцер Цехановіч і Філіп Іваноў, гэта Тарас Аватараў, гэта Святаслаў Барановіч, хлопец, які бараніў людзей ад нападу міліцыянаў у цывільным. Мы ведам, што сітуацыя застаеццца складанай. Яна складаная і ў Міхаіла Жамчужнага, які ўвесь час то ў штрафным ізалятары, то ў адзіночнай камеры. Вельмі складаная сітуацыя і ў Іллі Валавіка, які хворы там сядзіць, у яго і з сэрцам праблемы і іншыя пытанні па здароў’і. Ціск ідзе і на Аватарава. І вельмі моцны ціск у апошні час ідзе на Святаслава Барановіча.
Мы сабраліся, каб зараз, напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, падкрэсліць наяўнасць палітычных вязняў у Беларусі. Мы разумеем, што палітычная сітуацыя зараз вельмі няпростая. І палітычныя колы Захаду спрабуюць уцягнуць Аляксандра Лукашэнку у сферу свайго ўплыву. Але ж палітвязні не павінны быць разменнай манетай. Людзі павінны быць вызваленыя. І дзеля любых, самых добрых мэтаў ні Еўропа, ні хто-небудзь іншы не павінны гандляваць палітвязнямі з Лукашэнкам. Трэба настойваць, каб правы чалавека ў Белаурсі выконваліся.
Грамадскі актывіст, журналіст Мікола Дзядок на асабістым досведзе ведае, што такое быць у няволі за погляды і дзеянні, якія не падабаюцца сённяшней уладзе. Па яго назіранні, на форуме ён убачыў нямала людзей, якія рашуча настроены бараніць палітвязняў і націскаць на балючыя для ўладаў кропкі. А гэта, у прыватнасці, правядзенне ў Беларусі будучых Еўрапейскіх гульняў”, – лічыць Мікола Дзядок.
– Я бачу, што ў вялікай колькасці людзей ёсць разуменне таго, што палітвязні – гэта не толькі тыя, каго прызнаў Праваабарончы цэнтр „Вясна”, але і шэраг іншых людзей. Бачу таксама, што ва ўлады змянілася тактыка прэсінгу на грамадзянаў. Яна адмыслова робіць гэты прэсінг такім, каб беларускія, і як след, еўрапейскія праваабаронцы і іншаземныя краіны не прызнавалі арыштаваных, затрыманых людзей палітвязнямі. Сярод маіх знаёмых дастаткова шмат рэпрэсаваных людзей. Вось, напрыклад, зараз Зміцер Паліенка падвяргаецца проста бепрэцэдэнтнаму прэсінгу. Яго затрымліваюць ледзь не штодзень. Міліцыя ходзіць да яго, як да сябе дадому літаральна. Ён з’яўляецца падазроным, ці нават абвінавачваемым, не ведаю дакладна, па крымінальныай справе. І адначасова на ім „вісіць” ці дзве, ці тры адміністратыўкі. Глядзіш ягоны фэйсбук – гэта фактычна штодзённы прэсінг: то да яго міліцыя прыходзіць дамоў, то да яго падыйдзе ўчастковы ў краме, то яго затрымаюць пад домам, то яго судзяць. І гэта не спыняецца ні на адзін дзень. Апошняе, што яму сказаў яго ўчастковы: „Ты же понимаешь, что это будет длится вечно”. То бок, тут разлік проста на псіхалагічны злом чалавека. Бо ты проста ідзеш дамоў, ці выходзіш з дому і не ведаеш, калі ты вернешся, ці вернешся, ці будзеш затрыманы, ці будзеш дома начаваць і гэтак далей. Гэта працягвваецца тыднямі, калі не месяцамі. І не бузем забывацца, што Зміцер Паліенка толькі чатыры месяцы таму выйшаў з калоніі. І я чакаю, што да Еўрапейскіх гульняў будзе толькі горш, да выбараў, прэзідэнцкіх і парламенцкіх, будзе толькі горш, бо карныя службы выдумваюць усё новыя метады прэсінгу на людзей, на іншадумцаў. І „творча” падыходзяць да гэтага, а грамадзянская супольнасць, на жаль, адстае і пакуль не выпрацавала адэкватыня метады супраціву рэпрэсіям.
Грамдзянская актывістка, абаронца мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Ніна Багінская неаднаразова падвяргалася адміністрацыйнаму пераследу, велізарным штрафам, у тым ліку за адзіночныя акцыі ў абарону палітзняволеных. Яна лічыць, што ў свабоднай краіне не павінна быць палітвязняў. „А ў нас краіна несвабодная,” – кажа Ніна Багінская. Па яе меркаванні, улада ў Беларусі фактычна ўзурпаваная:
– І яе пэўная частка, карыстаючыся сваім начальственным правам, мяняе законы пад сябе. Па Канстытуцыі ўсе мы можам выказваць свае меркаванні. Але тым маладым людзям, якіх зараз закрылі за краты, гэта недазволена. Вось як напрыклад, Святаслава Барановіча, які валодае баксёрскімі прыёмамі. І ў пэўны час уступіўся за безабаронную моладзь, а яго потым вышукалі праз паўгода і пасадзілі на некалькі год. А чаму? Чаму гэтая ўлада смее вось так распараджаццца лёсам маладых людзей? Пенсіянераў штрафуюць, а моладзь саджаюць. Я рабіла свае выступы адна, самотна. Мяне штрафуюць. А чаму я не магу хадзіць з плакатам „Свабоду палітвязням”, альбо „Свабоду народу”? Гэта ж добра, я не выступаю за зло.
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і мадэратар форуму Павел Севярынец распавёў пра рэзалюцыю, якая была абмеркавана, а потым прынята ўдзельнікамі мерапрыемства. Ён нагадаў, што ў дакуменце пералічаны ўсе 8 беларускіх палітвязняў:
– Мы запатрабавалі іх вызваленне да правядзення Еўрапейскіх гульняў. Мы запатрабавалі спыненне крымінальных справаў супраць журналістаў, рэпрэсій супраць незалежных СМІ. Адмены крымінальнага прысуду прафсаюзным лідарам Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. А таксама адмены закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, які выкарыстоўваецца дзеля палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў у Беларусі.
Асноўная ідэя форуму палітвязняў, – сказаць Аляксандру Лукашэнку і еўрапейцам, – у Беларусі трэба вызваліць палітычных вязняў, інакш гэтая тэма будзе гучаць і падчас Еўрапейскіх гульняў у Менску, – падкрэсліў Павел Севярынец.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Новы Час