Палітвязні Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік выпушчаны з СІЗА
Палітвязні Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік адпушчаны з СІЗА№1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску. Меру стрымання ім замянілі на падпіску аб нявыездзе.
Самі яны не чакалі, што так хутка выйдуць. Каментуе Уладзімір Навумік:
– Гэта было поўнай нечаканасцю. Я не думаў, што мяне сёння адпусцяць. Думаў, што буду аж да паўгода. Як мне растлумачылі, могуць да паўгода падаўжаць.
РР: Вы ведалі, калі сядзелі ў СІЗА, што вы – палітвязень? Што пра вас ведаюць у свеце?
– Не, я не ведаў. Лісты то даходзяць, то не даходзяць, прыкладна тыдзень. Цэнзары апрацоўваюць ці што. Я не ведаю, што ў свеце робіцца. З інфармацыі – толькі „Савецкая Беларусь” у нас газета, якую прыносяць туды.
Уладзімір Навумік удзячны за тое, што неабыякавыя людзі дасылалі яму паштоўкі і перадавалі перадачы, а праваабронцы (у тым ліку Праваабарончы цэнтр “Вясна”), аказвалі дапамогу.
Нагадаем, Уладзімір Навумік і Васіль Баброўскі абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса. Усё — за інцыдзент 29 траўня ў Гародні, калі туды прыязджаў Сяргей Ціханоўскі. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх разам з іншымі фігурантамі “справы Ціханоўскага” палітычнымі зняволенымі. Пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала беларускіх палітвязняў вязнямі сумлення.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск