Палітвязні выходзяць: ці пачаўся працэс паслаблення рэжыму?



На волю выйшлі фігуранты справы «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, яе сын Пятро, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко. За кратамі застаецца толькі Ксенія Луцкіна, усе яны — фігуранты справы «Прэс-клуба», іх вінавацяць у нясплаце падаткаў. За кратамі яны правялі амаль 8 месяцаў. Як заўважае Анна Дынэр, эксперт ў справах бяспекі ва Усходняй Еўропе з Польскага інстытута міжнародных справаў — Лукашэнка не паслабляе рэжым, хутчэй, справа «Прэс-клуба» пачала развальвацца.

– З другога боку, улады узяліся за незалежнае агенства БелаПАН. У той час, на шчасце ў няшчасці, «Прэс-клуб» не быў абвінавачаны ў экстрэмізме, толькі ў нясплаце падаткаў. І калі яны заплацілі гэтыя падаткі і стала магчыма іх вызваліць, рэжым, відавочна, гэта вырашыў выкарыстаць.

Паводле СМІ на волі — экс-амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня, якога раней праваабаронцы прызналі палітвязнем. Таксама на волі — апошні фігурант «справы PandaDoc» Віктар Куўшынаў. Ён знаходзіўся ў няволі амаль год — з 2 верасня 2020-га года. Трое яго калег былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе яшчэ ў кастрычніку 2020-га, пасля сустрэчы палітвязняў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя