Мікалаю Дзядку пагражае працяг тэрміну зняволення (абноўлена)
За тры з паловай месяцы да вызвалення палітвязню Мікалаю Дзядку пагражае працяг тэрміну зняволення. Супраць яго пачатая новая справа па абвінавачанні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмы.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што гэта можа быць паўтор сітуацыі са Змітром Дашкевічам, якому таксама быў працягнуты на год тэрмін зняволення.
– Мікалаю прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле “Сістэматычнае невыкананне законных патрабаванняў адміністрацыі папраўчай установы”. Яму пагражае, калі будзе прызнаны судом вінаватым, яшчэ год зняволення. Па нашым меркаванні, гэта звязанае з годам прэзідэнцкіх выбараў. Службы, напэўна, вырашылі такім чынам перастрахавацца, лічачы Дзядка асабліва небяспечным чалавекам, які схільны да арганізацыі акцый пратэсту.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Жонка палітвязня Валерыя Хоціна паведаміла, што Мікалаю зроблена псіхіятрычная экспертыза і ён знаходзіцца ў магілёўскай турме у адзіночнай камеры. На думку праваабронцаў, суд над Дзядком праўдападобна адбудзецца гэтак як і ў выпадку з Дашкевічам у закрытым рэжыме, нават без удзелу сваякоў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Палітычнаму зняволенаму Мікалаю Дзядку ў Магілёўскай турме №4 правялі псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, – пра гэта даведалася ягоная жонка Валерыя Хоціна.
Дзядок асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў зняволення па так званай справе анархістаў. Яго прызналі вінаватым у злосным хуліганстве. 20-га лістапада, за 3,5 месца да вызвалення, супраць яго распачалі новую справу – за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы. Мікалаю Дзядку пагражае новае зняволенне на тэрмін да аднаго году.
Паводле Валерыі Хоцінай, вынікі экспертызы пакуль невядомыя:
– Хіба што заўтра будуць прад’яўляцца канчатковыя абвінавачванні і магчыма ўжо пасля гэтага яго перавядуць у СІЗА. А так усё па-старому. Пакуль што ён сядзіць у адзіночнай камеры ў турме. Суд будзе выязны. Там СІЗА і турма побач, два розныя будынкі, але гэта ўсё належыць адной установе. І звычайна суды выяздыя. Туды прыязджае нейкі суд і паседжанне праводзіцца ў закрытым рэжыме.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Як кажа Валерыя Хоціна, з лістоў і тэлефоннай размовы з мужам у яе склалася ўражанне, што новая хваля ціску не зламала Мікалая.
„Ён больш хвалюецца за сваіх родных, чым за сябе. Першыя дні быў у трошкі падаўленым стане. Але зараз адчуваецца, што пераадолеў гэта. Нават у лісце напісаў, што магчымы датаковы год няволі – гэта ўсё ж менш, чым ён ужо адседзеў,” – кажа Валерыя Хоціна. Яна не выключае, што Мікалай прабудзе ў зняволенні да чарговых прэзідэнцкіх выбараў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
