Палітвязня Латыпава адправілі на псіхіятрычную экспертызу
У Менску аднавіўся суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым.
Падсуднага ўвесь час трымаюць два міліцыянты праз наручнікі, каб ён нічога з сабой не зрабіў.
Бо 1 чэрвеня, нагадаем, Латыпаў у залі суда нанёс сабе раненні асадкай пасля заявы пра катаванні і пагрозы з боку сілавікоў. Здымка пасяджэння забароненая.
Наведнікаў працэсу не пускаюць у залю з прычыны нібыта «запоўненасці». Унутр змаглі трапіць родныя Сцяпана, журналісты і два прадстаўнікі АБСЕ, Працэс ідзе ў судзе Савецкага раёна Менска. Суддзя – Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Пракурор хадайнічаў аб псіхіятрычнай экспертызе для Латыпава.
У выніку суд пастанавіў адправіць палітвязня на судова-псіхіятрычную экспертызу.
Сцяпан пракаментаваў прысутным такое рашэнне: «Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а з супрацоўнікамі ГУБАЗа».
На тым паседжанне скончылася. Яно доўжылася меней за гадзіну. Дата, калі працэс працягнецца, не называлася.
Беларускае Радыё Рацыя