Палітвязню Васьковічу забараняюць чытаць раман Джорджа Оруэла „1984”
Палітычнаму зняволенаму Яўгену Васьковічу, які ўтрымліваецца ў турме №4 Магілёва, забараняюць перадаваць кнігі. Пра гэта паведаміў актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Пракаповіч. Сярод кніг таксама антыўтопія пра таталітарызм Джорджа Оруэла „1984” на англійскай мове:
– Тры кнігі для вывучэння англійскай мовы, якія прасіў перадаць палітвязень – два дапаможнікі, а таксама адаптаваны раман Джорджа Оруэла “1984”, прыйшлі назад з пазнакай “Недазволеныя ўкладанні”. Пры гэта паведаміла маці палітвязня. За апошнія некалькі месяцаў родныя і сябры Яўгена Васьковіча некалькі разоў рознымі шляхамі перадаць яму кнігі, але ўсё марна.
Яўген Васьковіч асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі за тое, што ў знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсій кінуў бутэльку з так званым кактэйлем Молатава на ганак бабруйскага КДБ.
У час знаходжання ў няволі падвяргаўся моцнаму ціску, у тым ліку з мэтай прымусіць яго напісаць прашэнне аб памілаванні. Некалькі дзясяткаў разоў змяшчаўся ў штрафны ізалятар, дзе правёў амаль 250 сутак.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя