Палітычны аналітык Арцём Шрайбман з’ехаў з Беларусі



Палітычны аналітык Арцём Шрайбман увечары 3 чэрвеня паехаў з Беларусі. Пра прычыны ён паведаміў 5 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале.

Палітолаг адзначыў, што ў нядаўнім інтэрв’ю, паказаным тэлеканалам ОНТ, затрыманы блогер Раман Пратасевіч расказаў, што Шрайбман „дапамагаў парадамі ў чаце, які можна было назваць каардынацыйным штабам рэвалюцыі, — Love Hata”.

„Магу толькі здагадвацца, чаму і ці па сваёй волі, але Рома перабольшыў мой удзел у працэсе. Я сапраўды да канца восені 2020 года быў у гэтым чаце, які пачынаўся як простая анлайн-сходка блогераў, але па меры нарастання пратэстаў гэтая тэма станавілася ключавой у абмеркаваннях”, — напісаў Шрайбман.

„Насамрэч, я не ведаю дакладна, ёсць і ці была да мяне нейкая цікавасць беларускіх спецслужбаў, якая пагражае арыштам. Даходзяць чуткі аб падрыхтоўцы крымінальнай справе, але пакуль іх складана пацвердзіць. Парадокс у тым, што пра існаванне чата, яго тэматыку і спіс яго ўдзельнікаў сілавікі ведалі як мінімум з сярэдзіны восені. Мяне ў гэтым спісе паказалі на ОНТ яшчэ ў снежні, паўгода таму. І нічога”, — дадаў палітолаг.

„Я не з’ехаў тады, бо разумеў, што ўвогуле мне няма чаго выставіць. Нават нягледзячы на злітыя скрыншоты перапісак з чата і верагоднасць таго, што ў спецслужбаў ёсць вялікі масіў такіх скрыноў, я дакладна ведаў, што там не будзе майго „лялькаводства”, таму што яго і ў прыродзе не было. Толькі калі ў фоташопе маляваць. З майго боку не было ніякага кансультавання за межамі нейкага базавага апісання майго бачання сітуацыі ў краіне, гэта значыць таго, што я і так кажу ў інтэрв’ю і пішу ў артыкулах”, — растлумачыў Шрайбман.

Ён адзначыў, што ў сённяшняй Беларусі нават недатычнасць да таго, што ўлада лічыць злачынствам, — ужо недастатковая страхоўка. Па „справе tut.by”, фармальна звязанай з падаткамі кампаніі, сядзіць палітычны блок рэдакцыі, людзі, якія пэўна нават паняцця не маюць, колькі падаткаў яны плацілі.

„Магчыма, і цяпер усё б скончылася, як паўгода таму, гэта значыць нічым. Але спакойна жыць і працаваць у краіне пры такіх уводных далей было б складана. Таму давялося пайсці на вельмі некамфортнае рашэнне — паехаць. Абедзве альтэрнатывы — СІЗА і штодзённае чаканне СІЗА — былі яшчэ горшыя, як для мяне, так і для блізкіх”, — растлумачыў палітолаг.

Шрайбман падкрэсліў, што ніякай крыўды на Пратасевіча няма і быць не можа. „Мы не ведаем, які склеп у ЛНР і які лёс для яго дзяўчыны яму абмалявалі ў выпадку адмовы ад гэтага інтэрв’ю. Закладнікаў не судзяць”, — падсумаваў ён.

23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Неўзабаве пасля гэтага ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа, дзе Сапега прызнае, што з’яўляецца адміністратарам тэлеграм-канала, які публікаваў асабістыя звесткі сілавікоў.

3 чэрвеня ў праграме „Маркаў. Нічога асабістага” на ОНТ выйшла інтэрв’ю з Пратасевічам, у якім ён заявіў аб прызнанні віны паводле артыкула 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён расказаў пра чат, у якім абмяркоўваўся план акцый пратэсту, і назваў прозвішчы ўдзельнікаў чата, паведаміў пра канфлікты паміж апазіцыйнымі штабамі, умовы жыцця, кватэры і дамы, дзе жывуць дэмакратычныя лідары, а таксама абцякальна — пра фінансаванне іх дзейнасці і ўцягнутасць у гэта еўрапейскіх дзяржаў.

Бацька Пратасевіча ўпэўнены, што яго сына прымусілі даць такое інтэрв’ю. Ён лічыць, што на Рамана рабіўся націск, і не выключае выкарыстання псіхатропаў.

Праваабаронцы прызналі Пратасевіча і Сапегу палітычнымі зняволенымі.

belapan.by