Палітычны скандал у Аўстрыі
Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц выключыў магчымасць далейшай супрацы са сваім намеснікам Хайнцам-Крысціянам Штрахе – старшынём папулісцкай Аўстрыйскай партыі свабоды (АПС). Пра гэта паведамілі ў суботу, 18 траўня, інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ў Вене. Заява кіраўніка ўраду азначае, што добраахвотная альбо змушаная адстаўка Штрахе з пасады віцэ-канцлера непазбежная.
Хайнц-Крысціян Штрахе апынуўся ў цэнтры скандалу з-за відэазапісу, зробленага схаванай камерай. На запісе знятая яго сустрэча з пляменніцай расейскага алігарха. На гэтай сустрэчы напярэдадні парламенцкіх выбараў у 2017 годзе Штрахе абяцае расейцы дзяржзаказы ў абмен на фінансаванне перадвыбарчай кампаніі АПС.
Апазіцыя ў Аўстрыі патрабуе адстаўкі Штрахе з пасады віцэ-канцлера. У аўстрыйскіх медыях пішуць пра магчымасць датэрміновых парламенцкіх выбараў.
У другой палове дня стала вядома, што Штрахе падаў у адстаўку.
Беларускае Радыё Рацыя