Палітык абвінавачвае ўлады ў зрыве выбарчай кампаніі
Сустаршыня незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі выступіў з заявай, дзе абвінаваціў улады ў зрыве выбарчай кампаніі па мясцовых выбарах. І прывёў факты сілавога ўціску на будучых кандыдатаў у дэпутаты па краіне. Кажа Віталь Рымашэўскі:
– Аказваецца, масава на нашых двух кандыдатаў быў прымус праз працу адмовіцца ад удзелу. На Гомельшчыне некалькіх жанчын, якія вылучаліся самі, выклікалі ў УУС і настойліва рэкамендавалі, каб яны не вылучаліся, не ўлазілі ў палітыку, не рэгістравалі свае ініцыятыўныя групы, тады з іх сваякамі, маўляў, усё будзе добра, а гэта ўжо палітычны ціск. У Менску маладых людзей выклікаюць у ваенкаматы, дзе з імі сустракаюцца супрацоўнікі КДБ, схіляюць да супрацы або пагражаюць забараніць выезд за мяжу гэтым людзям.
Віталь Рымашэўскі лічыць, што спісы будучых дэпутатаў мясцовых саветаў і так ужо сфармаваныя ідэалагічнымі аддзеламі выканкамаў. БХД будзе маніторыць усе факты пазбаўлення грамадзян краіны магчымасці балатавацца, як ён кажа, “ і без таго на несвабодных выбарах”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск