Палітык Павел Севярынец аштрафаваны 19-ты раз за год



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец аштрафаваны ўжо 19-ты раз за год, лічачы з красавіка 2016 года, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Чарговае рашэнне аб адміністрацыйным штрафе было вынесенае судом Фрунзенскага раёна Менска пры адсутнасці палітыка, які адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел 12 сакавіка ў „Маршы недармаедаў” у Оршы. Тым не менш суд аштрафаваў Севярынца на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за „актыўны ўдзел” у „Маршы абураных беларусаў” у Менску 17 лютага.

У пастанове суда сцвярджаецца, што „Севярынец не з’явіўся ў суд, а значыць, злоўжывае сваімі працэсуальнымі правамі”. Віну палітыка суд растлумачыў яго удзелам у несанкцыянаваным мітынгу, зваротам да грамадзян праз гукаўзмацняльную апаратуру і выкрыкваннем лозунга „Жыве Беларусь!”.

За год, акрамя 19 штрафаў, суды двойчы прымалі рашэнне аб адміністрацыйным арышце Севярынца: на 15 сутак за акцыю ў Оршы і на 10 сутак за ўдзел у акцыі 24 лютага ў абарону Курапатаў.

БелаПАН