Палітыка ў паралельнай Беларусі
Я прапаную свайго кшталту фантазію на тэму куды развівацца беларусам за мяжой.
Яе няма – палітыкі. Людзі ёсць, падабенства ўраду ёсць, нават пашпарты плануюцца, але аформленых палітычных партый няма.
Назіраю за дыскусіямі, маўляў, як ацэньваць беларускія падзеі 2020 года. Гэта былі пратэсты ці рэвалюцыя? Падзеі былі мірнымі ці не вельмі? Ці лічыць перамогай на перспектыву такую масавую мабілізацыю грамадства? Альбо ўсё прапала і мы бачым разгром на вякі?
Гісторыкі з палітолагамі пазней разбяруцца. Але людзям патрэбныя фармулёўкі тут і цяпер.
У такіх выпадках наймаюцца паліттэхнолагі.
Напрыклад, ва Украіне ў 2014 годзе фактычна перамагла нацыянальная рэвалюцыя, калі праеўрапейскія ўкраінцы пагналі ад улады прарасейскіх маларосаў.
Але акцэнтаваць на падобным увагу – спрыяць грамадзянскай вайне. Таму паліттэхнолагі прапанавалі версію з Рэвалюцыяй Годнасці.
А з беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячаў ніхто не прапануе сваю версію, свой палітычны міф пра беларускія падзеі 2020 года.
Палітык – гэта калі ёсць выбарцы.
„Гішпанскі сорам!” – напісаў хтосьці ў фэйсбуку пра беларускае шэсце ў цэнтры Варшавы 9-га жніўня. – „Яны крычалі „Лукашэнку ў аўтазак!”
Я падобнае бачыў у Батумі на праменадзе паміж пальмамі і пляжам. І праўда дзікавата выглядала як штосьці іншароднае, а лозунгі недарэчнымі.
„Але ж ім хочацца драйву!” – парыраваў хтосьці.
Пакуль жа ў беларускіх дэмакратычных дзеячаў ідзе барацьба не за галасы і нават данаты суайчыннікаў, а за ўплыў на заходніх партнёраў.
Справа зразумелая, але без выразнай перспектывы.
А вось калі б у Пераходны кабінет ці які іншы прадстаўнічы орган Новай Беларусі пасаду атрымлівалі праз выбары, легітымнасць тых, хто гаворыць ад імя свабодных беларусаў не выклікала б сумневаў.
Новыя пашпарты цалкам сабе могуць прыдацца. А найперш электронныя пашпарты.
Пераход у лічбу пазбавіць ад магчымых сутыкненняў з заканадаўствам краінаў прыбывання беларусаў.
Выбары ў парламент, выбары прэзідэнта, фармаванне ўраду.
Гэта не гульня, а стварэнне паралельнай беларускай прасторы. І хоць беларусы жывуць у вымушанай эміграцыі, сяброўства ў электроннай Беларусі дапаможа не толькі захоўваць ідэнтычнасць, але мець практычную карысць: інфармацыйную, юрыдычную, а можа і страхавую ды крэдытную.
Задача лукашыстаў на службе ў Крамля знішчыць беларусаў як ідэю.
Наша задача – выйсці з утворанай гістарычнай сітуацыі яшчэ больш моцнымі.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя