Польскім дэпутатам могуць урэзаць заробкі



«Буду галасаваць за паніжэнне зарплат для палітыкаў у польскім парламенце», – такую дэкларацыю падаў у Беластоку падляшскі дэпутат у Сойм Адам Андрушкевіч.

Нядаўна лідар урадавай партыі «Закон і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі абвясціў, што будуць паніжаць зарплату паслоў і сенатараў на 20 адсоткаў. Паводле Адама Андрушкевіча, урад павінен пайсці яшчэ далей і ахапіць новым законам таксама самаўрадаўцаў і кіраўнікоў гмінных прадпрыемстваў.

Гэта недапушчальная сітуацыя, дзе дырэктары фірм і іх намеснікі маюць заробкі больш за 10 тысяч злотых. Я ведаю шмат маладых людзей, якія мае равеснікі, якія маюць вышэйшую адукацыю і досвед, і яны спакойна маглі б займаць у нашай краіне кіруючыя пасады, працуючы за палову гэтага заробка. І былі б больш эфектыўнымі за тых, хто ёсць знаёмым розных палітыкаў.

Справа паніжэння зарплат для дэпутатаў звязаная з гучнай аферай – паўтара мільёна злотых прэміі, што кіраўнік папярэднага ўрада Бэата Шыдла прызначыла сваім міністрам. Паводле Яраслава Качыньскага, палітыкі маюць перадаць прэміі на рахунак каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Caritas».

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота tvn24.pl