Палітзняволены Яўген Васьковіч можа быць пераведзены ў калонію



Палітзняволены Яўген Васьковіч, які адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёва, можа быць зноў пераведзены ў калонію, – не выключае актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Пракаповіч

 – Ужо ў кастрычніку, калі мы не памыляемся, яго перавядуць назад у калонію, дзе ён змяшчаўся раней, бо ў турме №4 яго перавялі праз “парушэнні”, якія ён нібыта здзейсніў, і статус яго быў зменены на “злоснага парушальніка”, таму яго перавялі ў турму №4 – “крытку” так званую.

Па словах Паўла Пракаповіча, магчымае вяртанне Васьковіча ў калонію звязана з тым, што ў яго скончыўся тэрмін знаходжання ў турме і наўрад ці гэта можна патлумачыць больш мяккім стаўленнем уладаў да палітзняволеных.

Раней Яўген Васьковіч адбываў пакаранне ў калоніі №15 у Магілёве. Ён асуджаны на 7 гадоў зняволення за тое, што ў знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў кінуў бутэльку з так званым кактэйлем Молатава на ганак бабруйскага КДБ.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя