Паміж непрызнанымі ДНР і ЛНР пачалася вайна



Пакуль, праўда, толькі гандлёвая. Пра гэта паведамляе ўкраінскі канал “24tv” са спасылкай на Пастанову самагалошанага Савета Міністраў самаагалошанай ДНР.

Пастанова самадзейнага “Савета Міністраў” ДНР была падпісаная яшчэ  27 снежня 2017 года лідарам баявікоў Аляксандрам Захарчанкам, які пазначаны ў дакуменце як “Старшыня Савета Міністраў Данецкай Народный Рэспублікі”.

Сэнс пастановы палягае ў наступным: цяпер усе тавары, якія ўвозяцца ў ДНР з ЛНР, павінны абкладацца акцызным падаткам. Гэта тычыцца не толькі прадукцыі, вырабленай у непрызнанай Луганскай Народнай Рэспубліцы, але і тавараў расейскай і, вядома ж, беларускай вытворчасці. Для беларускіх вытворцаў, якія сістэмна парушаюць украінскае заканадаўства, гандлюючы з самаагалошанымі рэспублікамі, гэта азначае аўтаматычнае падвышэнне адпускнога кошту тавараў.

У геапалітычным плане забарона безакцызнага гандлю ЛНР і ДНР канчаткова ставіць крыж на праекце “Наваросія”, згодна якому луганская і данецкая сепаратысцкія рэспублікі павінны былі скласці нейкую адзіную дзяржаву. Тым больш, што луганскія ўжо паабяцалі адказаць данецкім вельмі і вельмі жорстка.

Украінскія назіральнікі не выключаюць, што гандлёвая вайна паміж самагалошанымі рэспублікамі можа перайсці і ў нешта большае.

Беларускае Радыё Рацыя