Памятны знак імя Івашкевіча ўручаны Вадзіму Саранчукову



Партыя БНФ шосты раз абвясціла лаўрэата памятнага знака імя Віктара Івашкевіча, – паведамляе narodny.org. Памятны знак уручаны лідару гарадзенскай арганізацыі БНФ, намесніку старшыні БНФ Вадзіму Саранчукову.

Такім чынам быў адзначаны арганізацыйны ўнёсак Саранчукова ў свята на Дзень Волі ў Гародні з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Акцыя ў Гародні стала найбольш маштабнай падзеяй сёлетніх святкаванняў Дня Волі і стварыла прэцэндэнт, калі асноўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага свята была вынесеная ў рэгіёны. Гародня не выпадкова стала сталіцай сёлетняга Дня Волі: менаівіта тут сто гадоў таму месціўся ўрад БНР, і менавіта тут у гэтым годзе была сфармаваная шырокая кааліцыя дэмакратычных суполак, здольная зладзіць вялікае свята беларускай незалежнасці на годным узроўні.

Святкаванне сёлетняга Дня Волі 23 сакавіка у Каложскім парку Гродні сабрала больш за 5000 удзельнікаў, як гарадзенцаў, так і гасцей другой сталіцы БНР.

Вадзім Саранчукоў, прымаючы памятны знак, адзначыў, што мітынг у другой сталіцы БНР стаў вынікам працы шырокай каманды гарадзенскіх актывістаў з розных дэмакратычных арганізацыяў у супрацы з менскай камандай, аб’яднанай пад хэштэгам #БНР101.

З нагоды ўганараваньня памятным знакам імя Віктара Івашкевіча, Вадзім Саранчукоў сказаў:

Я ведаў Віктара Івашкевіча асабіста і для мяне вялікі гонар ад імя гарадзенскай каманды атрымаць гэтую ўзнагароду. Віктар верыў у Бацькаўшчыну, мы верым таксама і кожны дзень паціху яе набліжаем. Жыве Беларусь!

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Абвяшчэнне лаўрэата памятнага знаку традыцыйна прымеркаванае да 27 ліпеня — дня абвяшчэння дэкларацыі пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі.

Фота narodny.org