Памёр Вячаслаў Кебіч – пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яго сваякі. Першаму прэм’ер-міністру незалежнай Беларусі было 84 гады. 26 лістапада ён захварэў на каронавірус, знаходзіўся ў бальніцы.
Вячаслаў Францавіч Кебіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 года на Валожыншчыне.
Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Быў дырэктарам Менскага станкабудаўнічага завода імя Кірава, другім сакратаром Мінскага гарадскога камітэта, а затым — абласнога камітэта КПБ.
У 1985-1990-х — намеснік старшыні Савета Міністраў БССР — старшыня Дзяржплана БССР. У 1990-1994 гадах — старшыня Саўміна БССР і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Прайграў прэзідэнцкія выбары Лукашэнку летам 1994 года. Сышоў у адстаўку 21 ліпеня 1994 года.
8 снежня 1991 года разам са Станіславам Шушкевічам ад імя Беларусі падпісаў Белавежскае пагадненне аб ліквідацыі СССР.