Пандэмія парушыла выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы



 Пандэмія негатыўна паўплывала на выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, амаль палова праектаў не прафінансаваныя, гаворыцца ў аналітычнай запісцы да справаздачы аб выкананні бюджэту.

Справаздача падрыхтаваная Падліковай палатай Расеі сумесна з Камітэтам дзяржкантролю Беларусі.

„Расходы па амаль палове (10 з 23) з прадугледжаных у першым паўгоддзі 2020 года мерапрыемстваў у справаздачным перыядзе не фінансаваліся, касавыя расходы па іх не ажыццяўляліся… Такая сітуацыя ў асноўным абумоўленая абмежаваннямі з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі”, — гаворыцца ў аналітычнай запісцы.

Даходы бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2020 год вызначаныя ў памеры 5 млрд 521,5 млн расейскіх рублёў, расходы — 5 млрд 377,1 млн рублёў.

У сувязі з пандэміяй „з 15 раздзелаў бюджэтнай класіфікацыі толькі па двух раздзелах расходы (у першым паўгоддзі) выкананыя ў поўным або амаль поўным аб’ёме”, паведамляецца ў аналітычнай запісцы.

Бюджэт Саюзнай дзяржавы фарміруецца за кошт укладаў Беларусі і Расеі ў прапорцыі 35% і 65% адпаведна.

У 2020 годзе сродкі бюджэту Саюзнай дзяржавы планавалася накіраваць на фундаментальныя даследаванні (25,3%); супрацоўніцтва ў галіне сацыяльнай палітыкі, аховы здароўя і фізічнай культуры, сельскай гаспадаркі і рыбалоўства, ліквідацыі надзвычайных сітуацый, адукацыі, культуры, аховы навакольнага асяроддзя, міжнароднай дзейнасці, СМІ (32%); ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі Саюзнай дзяржавы (29,3%); утрыманне апарата Саюзнай дзяржавы (13,4%).

Бюджэт Саюзнай дзяржавы фарміруецца ў адпаведнасці з дамовай, якая была заключаная паміж Беларуссю і Расеяй у снежні 1999 года і прадугледжвала стварэнні Саюзнай дзяржавы паміж дзвюма краінамі. Аднак дагэтуль многія ключавыя пункты гэтай дамовы не рэалізаваныя. У прыватнасці, яна прадугледжвала пераход Беларусі і Расеі на адзіную грашовую адзінку, але гэтага так і не адбылося.

belapan.by