Папа Францішак гатовы сустрэцца з Пуціным
Папа Францішак заявіў, што гатовы прыбыць у Маскву на сустрэчу Пуціным, каб спыніць вайну.
Яшчэ на дваццаты дзень вайны з Ватыкану прыйшла прапанова ў Маскву пра сустрэчу, але адказу з Крамля да гэтага часу няма. Францішак распавёў, што размаўляў з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам праз Zoom. Пры гэтым Кірыл палову сустрэчы пераконваў Папу Рымскага ў абгрунтаванасці нападу на Украіну. «Першыя 20 хвілін з мапай у руках ён чытаў мне ўсе абгрунтаванні вайны. Я выслухаў і сказаў яму: я нічога ў гэтым не разумею. Брат, мы не дзяржаўныя клірыкі, мы ня можам выкарыстоўваць мову палітыкі, а толькі мову Езуса. Мы пастыры аднаго і таго ж святога народу Божага», – сказаў Папа Францішак.
Пантыфік адзначыў, што прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан пераконваў яго, што да 9 траўня ўсё скончыцца. Аднак падзеі апошніх дзён паказваюць далейшую эскалацыю.
Маскоўскі патрыярх Кірыл падчас пропаведзі на Радаўніцу прамовіў: «Мы ні з кім не хочам ваяваць, Расея ніколі ні на каго не нападала. Гэта дзіўна, калі вялікая і магутная краіна ні на каго не нападала, яна толькі абараняла свае межы».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Vatican Media/LaPresse