Папа Францішак узгадаў Беларусь
Сёння Папа Францішак узгадаў Беларусь – апошні раз Папа ўзгадваў пра Беларусь больш за год таму. Пры гэтым, як адзначае тэлеграм-канал “Хрысціянская візія”, Папа ўжыў менавіта слова “Belarus”, а не італьянскае слова “Bielorussia”.
Падчас агульнай аўдыенцыі пантыфік некалькі хвілін маліўся за Украіну перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай у Рыме, якая падчас агульнай аўдыенцыі 11 студзеня 2023 года была выстаўлена ў ватыканскай Зале Паўла VI.
“Не будзем забываць пра змучаную Украіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашу любоў, нашу блізкасць і нашу малітву. А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэту дарагую краіну і за мір, перад іконай Багародзіцы Народу, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы”, – сказаў Папа.