Папа Францішак заклікаў Расею аднавіць збожжавае пагадненне
Папа Францішак заклікаў улады Расеі вярнуцца да выканання пагаднення аб экспарце ўкраінскага зерня марскім шляхам, нягледзячы на працяг баявых дзеянняў ва Украіне.
«Звяртаюся да братоў, уладаў Расейскай Федэрацыі, з заклікам да аднаўлення Чарнаморскай ініцыятывы і магчымасці бяспечнага транспартавання ўкраінскага зерня», – заявіў ён у сваім пасланні ў Ватыкане, паведамляе Vatican News.
Папа сказаў, што збожжа з’яўляецца Божым дарам, каб накарміць чалавецтва, а ваенныя разбурэнні, якія яму пагражаюць, з’яўляюцца сур’ёзнай крыўдай для Бога. «Плач мільёнаў братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад голаду, узносіцца да нябёсаў», – сказаў ён.
Таксама Папа Францішак заклікаў «не забываць маліцца за Ўкраіну, дзе вайна прыводзіць да разбурэння ўсяго, нават збожжа».