Паплечнік Нямцова апублікуе яго даклад па Украіне



Расейскі апазіцыянер Ілля Яшын паабяцаў апублікаваць даклад пра Украіну, падрыхтаваны яго забітым паплечнікам Барысам Нямцовым. Пра гэта ён паведаміў брытанскай газэце “The Times”.

Паводле апазіцыянера, у дакуменце ўтрымліваюцца доказы расейскай вайсковай прысутнасці на Данбасе. Яшын адзначыў, што адзіная поўная версія дакладу захоўвалася на кампутары ў кватэры Нямцова. Пры гэтым жорсткі дыск кампутара пасля гібелі палітыка забралі следчыя.

Тым не менш, паводле Яшына, усе сабраныя Нямцовым доказы захаваныя, і паплечнікі забітага палітыка паспрабуюць з іх дапамогай аднавіць дакумент. Пра падрыхтоўку Нямцовым дакладу па Украіне стала вядома ў ноч гібелі палітыка. Паведамлялася, што дакумент змяшчае паказанні бацькоў расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на Данбасе. Сабраныя ім доказы прысутнасці расейскіх вайскоўцаў на Данбасе называліся ў якасці магчымых прычын забойства Нямцова. У прыватнасці, такую версію агучыў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.