Анатолю Лябедзьку прысудзілі 15 сутак арышту (абноўлена)



Палітыку Анатолю Лябедзьку прысудзілі 15 сутак арышту. Такое рашэнне прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Юлія Густыр. Судзілі палітыка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).

* * * 

«Лябедзька затрыманы за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння», — паведаміла «Інтэрфаксу-Захад» афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

Як расказаў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, Лябедзька не прыйшоў на прызначаную сустрэчу і з ім не могуць звязацца па тэлефоне — нумар недаступны.

На пытанне, што магло стаць падставай для затрымання палітыка, Мікалай Казлоў адказаў: „Як мы ведаем, зараз асабліва не патрэбныя прычыны для затрыманняў, а Анатоль Лябедзька — яркі грамадскі дзеяч, палітык, яркі блогер. Ён кажа тое, што лічыць патрэбным, і гэта не падабаецца людзям, якія спрабуюць трымацца ва ўладзе. Думаю, у гэтым прычына”.

Былы старшыня АГП, дэпутат Вярхоўнага савета Беларусі 12-га і 13-га скліканняў Анатоль Лябедзька цяпер узначальвае цэнтр даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”. Ён таксама з’яўляецца каардынатарам Грамадскай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю ў рэдакцыі 1994 года.

5 кастрычніка стала вядома, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская прызначыла Лябедзьку адным са сваіх прадстаўнікоў па канстытуцыйнай рэформе.

belapan.by