Папярэдняе галасаванне – на карысць праўладных кандыдатаў



Былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў распавядае пра асаблівасці датэрміновага галасавання ва ўмовах беларускіх выбараў.

З 6 па 10 кастрычніка ў краіне пройдзе датэрміновае галасаванне, якое вельмі ўжо любяць беларускія ўлады. Можа ў гэтым кірунку зараз што-небудзь зменіцца ў параўнанні з папярэднімі кампаніямі?

Рыгор Кастусёў: Я адмоўна стаўлюся да папярэдняга галасавання. Думаю, такое ж стаўленне ва ўсіх, хто сутыкаўся з гэтай праявай у якасці назіральнікаў ці хто займаецца грамадска-палітычным жыццём. Усім зразумела, для чаго праводзіцца папярэдняе галасаванне. Яно праводзіцца для таго, каб мець магчымасць маніпуляваць вынікамі галасавання. Гэта датычыцца не толькі прэзідэнцкай кампаніі, але і парламенцкіх выбараў, мясцовых. Можна заўважыць нават, што вынікі папярэдняга галасавання амаль заўсёды адрозніваюцца ад таго, як галасуюць у асноўны дзень. Папярэдняе галасаванне было заўсёды на карысць праўладных кандыдатаў. Зусім не выключана, што скрыні маглі ўскрыць, праверыць і “падправіць” галасы.

РР: Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, тым не менш, заяўляюць, што папярэдняе галасаванне практыкуецца і ў некаторых іншых краінах Захаду.

Рыгор Кастусёў: Няхай бы і ў нас практыкавалася, каб у працэс не ўмешваліся прадстаўнікі ўлады. Мне, напрыклад, неаднойчы распавядалі нават супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжурылі ля скрыняў, што ноччу прыязджалі чыноўнікі і адпраўлялі міліцыянтаў на некалькі гадзінаў “адпачыць”. Для чаго такое робіцца? Думаю, усё зразумела.

РР: Ці можна назіральнікам нейкім чынам пракантраляваць гэты этап галасавання?

Рыгор Кастусёў: Можна, калі дзяжурыць уночы ля дзвярэй, але ж дзе набярэшся столькі назіральнікаў на ўсю краіну? Незалежным назіральнікам раўняцца ў такой сітуацыі з прадстаўнікамі ўлады проста не выпадае. Да таго ж, у апошніх вельмі шмат адпрацаваных інструментаў на ўсе выпадкі жыцця.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН