Парашэнка: У краіне больш за 90% дзяцей вучацца на ўкраінскай мове
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў Вярхоўную Раду прыняць закон, які гарантуе абавязковае выкарыстанне ўкраінскай мовы ў сферы паслуг. Пра гэта ён напісаў у Facebook з нагоды Дня ўкраінскай пісьменнасці і мовы.
„Чакаю ад Вярхоўнай Рады закона, які гарантуе абавязковую прысутнасць украінскай мовы ў сферы паслуг. Пры гэтым мы паважаем правы грамадзян, якія на іншых мовах гавораць і на іх жа любяць Украіну”, – адзначыў Парашэнка.
Паводле яго слоў, у краіне больш за 90% дзяцей ужо вучацца на ўкраінскай мове.
23 траўня Вярхоўная Рада прыняла закон аб моўных квотах на тэлебачанні. У адпаведнасці з дакументам доля перадач і фільмаў на ўкраінскай мове на агульнанацыянальных каналах павінна складаць не менш за 75%, а ў эфірах рэгіянальных і мясцовых тэлекампаній – не менш за 50%.
У лістападзе мінулага года ўступіў у сілу аналагічны закон, які тычыцца радыё. Ён абавязвае радыёстанцыі вылучаць частку эфірнага часу для песень на ўкраінскай мове. На працягу першага года з моманту ўступлення дакумента ў сілу квота на ўкраінскамоўныя песні будзе складаць 25%, на працягу другога – 30%, з трэцяга – 35%.