Парашэнка: Крэмль правярае гатовасць да вялікай вайны з Захадам
„Пад выглядам „стратэгічных камандна-штабных вучэнняў” не выключаецца стварэнне новых ўдарных груповак расейскіх войскаў для ўварвання на тэрыторыю Украіны”, — заявіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка 7 верасня, каментуючы будучыя расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” падчас выступу ў Вярхоўнай радзе з пасланнем „Аб ўнутраным і знешнім становішчы ва Украіне ў 2017 годзе”.
„Сем тысяч платформаў з салдатамі і тэхнікай наблізіліся або набліжаюцца да нашых межаў… І, на жаль, ніякіх гарантый, што пасля завяршэння манеўраў гэта ўсё вернецца з Беларусі дадому, у нас няма”, — сказаў Парашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба.
На думку ўкраінскага лідара, расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” з’яўляюцца адным з доказаў „падрыхтоўкі да наступальнай вайны кантынентальнага маштабу”. „Было б дарэчы назваць іх „Антызахад”, — заявіў ён. — Натуральна, менавіта таму, а не з-за нейкіх іншых прычын мы і ўзмацнілі кантроль на ўсіх участках дзяржаўнай мяжы”.
Як лічыць Парашэнка, з дапамогай гэтых вучэнняў Крэмль „правярае, наколькі гатовыя да вялікай вайны з Захадам не толькі расейскія ўзброеныя сілы, але і ўся расейская дзяржава”.
Вучэнні „Захад-2017” пройдуць з 14 па 20 верасня. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларуская тэрыторыя не стане плацдармам для ўварвання ва Украіну.