Парашэнка: Менскага фармату перамоў па Данбасе няма, ёсць толькі нармандскі



Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ніякага менскага фармату перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе няма.

Выступаючы перад студэнтамі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, ён падкрэсліў, што існуе толькі нармандскі фармат (Расія, Украіна, Германія, Францыя).

„Менскага фармату перамоў няма. І [паўнамоцны прадстаўнік Кіева на перамовах кантактнай групы Леанід] Кучма ніякага ўдзелу ў менскім фармаце перамоў не прымае. Існуе адзін фармат — нармандскі”, — цытуе Парашэнку ТАСС.

Ён нагадаў, што ў нармандскага фармату акрамя яго прымаюць удзел канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. „Калі вы знойдзеце іншы фармат [перамоў], дзе будзе Пуцін, я гатовы яго разглядаць, але, запэўніваю, такіх фарматаў няма”, — дадаў Парашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўкраінскі бок у кантактнай групе вядзе перамовы толькі з прадстаўнікамі РФ і АБСЕ.

Варта адзначыць, што 11 чэрвеня ў Берліне адбудзецца сустрэча „нармандскай чацвёркі” на ўзроўні кіраўнікоў МЗС. На ёй, у прыватнасці, будзе абмяркоўвацца тэма місіі ААН у Данбасе.

Кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны рэгулярна праводзіць пасяджэнні ў Мінску ў фармаце Украіна — Расея — АБСЕ пры ўдзеле прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік Данбаса. Першая сустрэча ўдзельнікаў кантактнай групы прайшла ў Мінску 5 верасня 2014 года.

Паводле звестак беларускага МЗС, для правядзення рэгулярных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы і тэматычных рабочых груп у яе складзе ў 2017 годзе ў Мінску было арганізавана 26 такіх сустрэч.

На працягу мінулага года Мінск таксама тройчы прымаў саветнікаў па знешняй палітыцы кіраўнікоў дзяржаў „нармандскай чацвёркі” для правядзення рабочых кансультацый па пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. З гэтай жа мэтай у Мінску была арганізавана рабочая сустрэча расійскай і амерыканскай дэлегацый на чале з памочнікам прэзідэнта Расіі Уладзіславам Сурковым і спецыяльным прадстаўніком Дзярждэпартамента ЗША па Украіне Куртам Волкерам.

belapan.by

Фота з адкрытых крыніц