Парашэнка: Расейская царква паставіла сябе на шлях самаізаляцыі
„Расейская царква, на жаль, паставіла сябе на шлях самаізаляцыі і канфлікту з усім сусветным праваслаўем”, — заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, каментуючы рашэнне Сінода Рускай праваслаўнай царквы разарваць адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Пасяджэнне Сінода прайшло 15 кастрычніка ў Менску.
„Я спадзяваўся, што гэтага не адбудзецца, але мы з вамі павінны былі быць гатовыя да гэтага працэсу”, — заявіў Парашэнка ў аўторак у Кіеве на сустрэчы c экзархамі сусветнага патрыярха, якія займаюцца падрыхтоўкай аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы (мясцовае тэлебачанне арганізавала прамую трансляцыю сустрэчы).
„З відавочнай падачы Крамля, кіраўніцтва краіны-агрэсара, цалкам ад яго залежнае расейскае царкоўнае начальства заявіла пра разрыў еўхарыстычных зносінаў з Канстанцінопальскай маці-царквой, — сказаў Парашэнка. — Я ўпэўнены, што такая рэакцыя духоўнай і свецкай расейскай улады <…> пацвярджае, што мы з вамі на правільным шляху”.
„Мы са свайго боку будзем рабіць усё для таго, каб намаганні па стварэнні адзінай памеснай праваслаўнай царквы ў адпаведнасці з рашэннямі Сінода і маці-царквы, сусветнага патрыярха былі зробленыя ў належныя тэрміны адпаведным чынам: мірна і адпавядаючы чаканням і надзеям украінскага народа”, — заявіў украінскі прэзідэнт.
Старшыня сінадальнага аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў 15 кастрычніка пасля пасяджэння Сінода, што Беларускі экзархат як частка Рускай праваслаўнай царквы далучаецца да рашэння аб спыненні еўхарыстычных зносінаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Мітрапаліт падкрэсліў, што прынятае рашэнне „распаўсюджваецца на ўсю кананічную тэрыторыю РПЦ, уключаючы Беларусь”.
belapan.by