Парашэнка супраць уводу міратворчых сілаў ААН на Данбас



Прэзідэнт Украіны заявіў, што Данбасу неабходны не ўвод міратворцаў, а вывад замежных войскаў і спыненне агню. Пятро Парашэнка не падтрымлівае ідэі ўвядзення міратворчага кантынгенту ААН у Данбас для ўрэгулявання сітуацыі. Пра гэта ён заявіў падчас дэбатаў у рамках 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, прысвечанай украінскаму пытанню.

Парашэнка патлумачыў сваю пазіцыю тым, што для прыняцця пастановы аб уводзе міратворцаў неабходна рашэнне Рады бяспекі ААН, а на гэта можа сысці каля шасці месяцаў. Прэзідэнт Украіны адзначыў, што ўкраінцы не змогуць столькі чакаць, паколькі штодня з-за супрацьстаяння ў Данбасе гінуць мірныя грамадзяне і ўкраінскія вайскоўцы. Кіраўнік украінскай дзяржавы дадаў, што першачарговая задача на Данбасе – гэта неадкладнае і поўнае спыненне агню і вывад расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі. Парашэнка адзначыў, што пасля гэтага і пасля закрыцця мяжы з Расеяй сітуацыя на акупаваных тэрыторыях супакоіцца за некалькі тыдняў – і ўвод міратворцаў не спатрэбіцца, перадае Белсат.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота top.rbc.ru