Парашэнка згодны абмяняць двух палонных расейцаў на Саўчанку



Пётр Парашэнка згодны абмяняць двух палонных расейцаў на Надзею Саўчанка. Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт заявіў у сваім Twitter пасля сустрэчы з турэцкім прэзідэнтам Раджыпам Эрдаганам.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Безумоўна, размова ідзе пра палонных расейскіх вайскоўцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгенія Ерафеева. Расейцы патрапілі ва ўкраінскі палон 16 траўня 2015 года непадалёк ад горада Шчасце на Данбасе, са зброяй у руках.

Прапанова з украінскага боку пра абмен Аляксандрава і Ерафеева на Надзею Саўчанка гучала яшчэ летась, але ж яна ўпершыню агучаная ўкраінскім прэзыдэнтам. Палонныя расейскія вайскоўцы – адзінае, што Кіеў можа запрапанаваць у абмен на ўкраінку.

Але ж, паводле меркаванняў некаторых украінскіх палітыкаў, такую прапанову нельга назваць раўнацэннай. Расейскій вайскоўцы могуць стаць галоўнымі фігурантамі для судовага працэсу супраць Расейскай Федэрацыі, як жывыя доказы агрэсіі. Датаго ж, расейскія ўлады самі фактычна адмовіліся ад Аляксандрава і Ерафеева, бо, паводле крамлёўскіх медыя, на момант паланення абодва яны нібыта звольнііся са Зброеных сілаў Расеі і ваявалі ва Украіне як прыватныя асобы.

Сам Пётр Парашэнка заявіў, што ніякіх сустрэчных прапаноў з Расеі пра абмен Надзеі Саўчанка ён пакуль не атрымліваў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя