ПАРЕ не будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі



Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) не будзе назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта РИА Новости паведамілі ў прэс-службе арганізацыі.

Запрашэнне назіраць за выбарамі ў ПАРЕ накіравалі толькі 15 ліпеня. У адказ на яго прэзідэнт ПАРЕ Рык Даемс заявіў, што, «улічваючы абмежаваны час да выбараў, адсутнасць нашых звычайных партнёрскіх арганізацый, у прыватнасці БДІПЧ, пастаянна зменлівую сітуацыю са здароўем, звязаную з COVID-19, і абмежаванні на паездкі чальцоў арганізацыі, якія з гэтага вынікаюць, Асамблеі не ўяўляецца магчымым накіраваць дэлегацыю з гэтай нагоды».

Нагадаем, 15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ таксама заявіла, што не будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасць своечасовага запрашэння не дазваляе правесці паўнавартаснае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.

Місія СНД 20 ліпеня заявіла, што возьме ўдзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта Беларусі, цяпер ідзе працэс яе фармавання.

Беларускае Радыё Рацыя