Парламент Македоніі падтрымаў перайменаванне краіны



Парламент Македоніі 19 кастрычніка бальшынёй галасоў падтрымаў змены ў канстытуцыі, якія дадуць краіне новую назву – Паўночная Македонія. Пра гэта паведамляе Reuters. 

Рашэнне падтрымалі 80 з 120 дэпутатаў парламенту. Працэдура завяршэння канстытуцыйных зменаў доўгая і патрабуе некалькіх раўндаў галасавання. 19 кастрычніка прайшоў толькі першы этап. Як піша агенцтва, працэдура павінна быць завершана не пазней студзеня 2019 года.

Прэм’ер-міністр Македоніі Зоран Заеў назваў дзень першага галасавання „гістарычным днём” для краіны. Спрэчка датычна назвы Македонія працягваецца больш 25 гадоў. Грэцыя паслядоўна блакавала еўраінтэграцыйныя памкненні Македоніі, пратэстуючы супраць назвы гэтай дзяржавы, якую ў Грэцыі лічаць грэцкім этнонімам.

12 чэрвеня 2018 года прэм’ер-міністры Македоніі і Грэцыі Зоран Заеў і Алекс Цыпра абвесцілі, што новай канстытуцыйнай назвай Рэспублікі Македонія стане „Паўночная Македонія”. Дамоўленасць віталі ў НАТО і Еўразвязе.

Прэзідэнт Македоніі Георге Іванаў адмовіўся падпісваць рашэнне ўраду пра перайменаванне, але парламенту ўдалося пераадолець яго вета.

30 верасня перайменаванне краіны падтрымалі на кансультацыйным рэферэндуме 91,46% тых, хто ўзяў у ім удзел. Аднак, яўка склала толькі 36,91% пры патрэбным мінімуме 50%.

Беларускае Радыё Рацыя