Парламент Вялікабрытаніі ухваліў план выхаду з ЕЗ
Ніжняя палата брытанскага парламента 12 чэрвеня 324 галасамі супраць 298 прыняла план па выхадзе краіны з Еўразвяза, паведамляе dw.com.
Такім чынам, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй дамаглася падтрымкі, аднак яна была вымушаная пайсці на саступкі супернікам „Брэксіту” ў шэрагах Кансерватыўнай партыі, якую яна прадстаўляе. У выніку парламент атрымае больш кантролю за працэсам выхаду Злучанага Каралеўства з ЕЗ. У той час як некаторыя брытанскія палітыкі хацелі б захаваць цесныя сувязі з Бруселем, іншыя настойваюць на па магчымасці максімальным аддаленні краіны ад Еўразвяза.
Для Тэрэзы Мэй вынікі цяперашняга галасавання з’яўляюцца ў немалой ступені абнадзейлівымі. Кіраўнік брытанскага ўрада знаходзіцца пад велізарным ціскам з розных бакоў. Пасля няўдалых парламенцкіх выбараў у 2017 годзе, па выніках якіх Мэй мела намер дамагчыся вялікай перавагі для перамоў па „Брэксіце„, кансерватары маюць мінімальную большасць у Палаце прадстаўнікоў.
Пераходны перыяд, падчас якога Лондану і Бруселю трэба будзе дамовіцца пра будучае партнёрства, пачнецца пасля афіцыйнага выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвяза ў сакавіку 2019 года і зойме 21 месяц. На працягу гэтага часу брытанскі бок не зможа ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, але працягне выконваць правілы ЕЗ, уносіць ўзносы ў яго бюджэт і прызнаваць рашэнні суда ЕЗ. Акрамя таго, Лондан застанецца ўдзельнікам агульнаеўрапейскага рынку і мытнага саюза.