Парламентарыі Польшчы і Беларусі працягнуць супрацу?
Назіральнікі АБСЕ адзначылі пэўныя станоўчыя зрухі ў правядзенні парламенцкіх выбараў у Беларусі, і таму цалкам магчыма, што супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі на ўзроўні парламентаў будзе працягнута.
Такое меркаванне нашаму радыё выказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы – Марэк Зёлкоўскі.
Ён прыгадаў, што першыя крокі да супрацоўніцтва былі зроблены яшчэ ў красавіку, а цяпер трэба пачакаць, пакуль да сваёй працы прыступяць новаабарныя беларускія дэпутаты:
– АБСЕ станоўча ацанілі правядзенне выбараў, канешне звяртаючы ўвагу на шматлікія хібы выбарчага права ды самой выбарчай кампаніі. Ужо былі кантакты з папярэднім парламентам, наш віцэ-маршалак Сейма Тэрлецкі быў з візітам у жніўні ў Менску, таму дапускаю, што калі будзе жаданне нашых пардаментарыяў, то такая супраца з новым парламентам будзе весціся.
Прыгадаем, што ў красавіку бягучага года паўстала польска-беларуская супольная парламенцкая група. Яе сустаршынямі з’яўляюцца Мечыслаў Башко ад Польскай сялянскай партыі (PSL) і Адам Андрушкевіч ад Kukiz’15. Апошні вядомы яшчэ і тым, што з’яўляецца чальцом нацыянал-радыкальнай арганізацыі – Нацыянальны рух Польшчы.
Раней на працягу 11-ці гадоў паміж парламентарыямі Беларусі і Польшчы не было ніякіх афіцыйных кантактаў. З’яўленне супольнай парламенцкай групы можа быць сведчаннем пацяплення адносінаў паміж дзвюма краінамі, кажа польскі дэпутат Мечыслаў Башко. На яго думку, першая сустрэча з калегамі з Беларусі можа адбыцца прыкладна праз два месяцы:
– Наша польска-беларуская парламенцкая група прыняла рашэнне, што такая сустрэча можа адбыцца толькі пасля выбараў. Тэматыкай сустрэчы будзе гаспадарка, нацыянальныя меншасці, а таксама тое, што адбываецца ў епіскапаце Беларусі. Я спадзяюся, што недзе праз два месяцы такая сустрэча адбудзецца.
У Сейме Польшчы на працягу некалькіх скліканняў дзейнічае таксама парламенцкая група ў справах Беларусі, якая намагаецца ініцыяваць дэмакратычныя змены ў Беларусі. Старшынём групы з’яўляецца Роберт Тышкевіч, які прадстаўляе апазіцыйную партыю “Грамадзянская платформа”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя