Парламенцкая асамблея АБСЕ закліча Расею адмяніць анэксію Крыма
У Хельсінкі пачала працу штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Сесія сабрала больш за 300 парламентарыяў і працягнецца да 9 ліпеня. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі ўзначальвае намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі.
Галоўнымі тэмамі сесіі стануць крызіс ва Украіне, сітуацыя з мігрантамі і бежанцамі, кантроль над узбраеннямі, глабальныя змены клімату і праблемы правоў меншасцяў, паведамляе прэс-служба Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
«Кульмінацыяй сесіі будзе прыняцце Хельсінкскай дэкларацыі-2015, якая будзе ўтрымліваць рэкамендацыі асамблеі ў сферах палітыкі, эканомікі, навакольнага асяроддзя і правоў чалавека», – гаворыцца ў паведамленні.
У праекце рэзалюцыі камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы асуджаюцца парушэнні перамір’я ва Украіне і ўтрымліваецца заклік да Расеі «выкарыстоўваць увесь свой уплыў на незаконныя сепаратысцкія рухі ва Украіне, каб забяспечыць выкананне ўсіх забавязанняў менскіх пагадненняў». Акрамя таго, у праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да Расеі «адмяніць анэксію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль ва Украіне», а таксама адзначаецца неабходнасць захавання прынцыпаў непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнага ўрэгулявання спрэчак, роўнасці правоў і самавызначэння народаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spc.rs