Партугалія далучыцца да аднаўлення Украіны пасля вайны



Прэм’ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта, які знаходзіцца з візітам ва Украіне, пацвердзіў гатоўнасць далучыцца да аднаўлення Украіны пасля вайны. Гэта прагучала падчас яго сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве.

Па словах прэм’ера, Партугалія можа стаць куратарам аднаўлення разбураных вайной школ і дзіцячых садкоў. Ён адзначыў, што яго краіна мае значны вопыт у праектаванні і будаўніцтве навучальных устаноў, які яна зможа прымяніць ва Украіне.

Кошта таксама запэўніў Украіну ў падтрымцы для дасягнення перамогі ў вайне і ўстанаўлення міру ва ўсёй Еўропе і заявіў, што яго краіна з нецярпеннем чакае справаздачы Еўракамісіі па перспектывах інтэграцыі Украіны з ЕС і гатова дзяліцца ўласным вопытам набыцця членства ў Еўрасаюзе.

Прэм’ер выказаўся ў падтрымку міжнародных санкцый і за павелічэнне інвестыцый у альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і шляхі паставак энерганосьбітаў у Еўропу, каб пераадолець залежнасць ад Расеі, перадае прэс-служба ўкраінскага лідара.