Партыі БНФ і АГП у Берасці распачынаюць новы палітычны сезон
Праца з людзьмі, падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі, сустрэчы з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў, узняццё сацыяльна і палітычна вострых пытанняў. Такія планы на восень абласных партыйных структур, накіраваных на развіццё дэмакратыі ў краіне.
Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БНФ Зміцер Шыманскі адзначыў, што адна з галоўных задач абласной структуры на бліжэйшы тэрмін – гэта падрыхтоўка партыйнага з’езду:
– Партыя БНФ пачынае новы палітычны сезон. Першая падзея, якая адбудзеца ўвосень – гэта з’езд Партыі БНФ, да якога мы зараз рыхтуемся.. Зараз у розных рэгіёнах Берасейскай вобласці праходзяць сходы па вылучэнню дэлегатаў на з’езд. Берасцейскую вобласць на з’ездзе будуць прадстаўляць каля дваццаці пяці дэлегатаў.
Выконваючы абавязкі старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Дыяна Касцюковіч адзначыла, што на пачатку восені плануецца серыя мерапрыемстваў па працы з сябрамі партыі і яе прыхільнікамі:
– Наша партыя будзе праводзіць традыцыйныя мерапрыемствы “Гарбата, кава, АГП”. Будзем праводзіць працу з нашымі прыхільнікамі. Талака будзе ў нас праводзіцца, а таксама круглыя сталы па праблеме гендэру і праблеме карупцыі.
Як адзначылі партыйныя лідары, літаральна тры месяцы засталося да актыўнага старту прэзідэнкай кампаніі. Таму адна з галоўных задач на восень – гэта падрыхтоўка пляцоўкі для валанцёраў і неабыякавых людзей для працы ў часе правядзення выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце