Партыі БНФ пагражае высяленне з менскай сядзібы



Сядзіба БНФ, адна са старэйшых незалежных пляцовак грамадскага жыцця ў Менску, абвяшчае збор грошай для аплаты арэнды памяшкання. На аплату арэнды трэба сабраць 28 000 рублёў – інакш улады пагражаюць скасаваннем дамовы арэнды.

Апошнія сем гадоў Сядзіба БНФ размяшчаецца па вуліцы Чарнышэўскага, 3 – сюды яна пераехала пасля таго, як улады выціснулі партыю з гістарычнага будынку на вуліцы Варвашэні (праспект Машэрава). Дамову арэнды скасавалі падчас правядзення на Сядзібе маштабнага збору грашовай і рэчавай дапамогі людзям, што былі арыштаваныя на Плошчы-2010: гэта была помста ўладаў за кампанію народнай салідарнасці – і дзякуючы народнай падтрымцы Сядзіба аднавіла працу на новым адрасе.

Цяпер самой Сядзібе БНФ патрэбная дапамога. 

„У адрозненне ад праўладных партыяў, мы не маем ані ільготных ставак арэнды (якія ўлады далі ГА “Белая Русь” і камуністычнай партыі), ані шматмільённых датацыяў з дзяржбюджэту (якія ўлады даюць БРСМ), – адзначаюць кіраўнікі Партыі БНФ.

Пералічыць грошы на аплату арэнды Сядзібы БНФ можна праз сістэму “Разлік” (АРІП) / “Расчет” (ЕРИП), простым банкаўскім пералічэннем, альбо наяўнымі ахвяраваннямі ў самой сядзібе.

Фота narodny.org