Партыя БНФ асудзіла крокі ўлад па „самаізаляцыі Беларусі ад знешняга свету”



Партыя БНФ лічыць прыпыненне ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, прапанову кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза пакінуць краіну і перагляд супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй „вельмі небяспечнымі крокамі ўлад”, напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” намеснік старшыні партыі Аляксей Янукевіч.

Гэтыя крокі, зазначыў ён, дэманструюць „неразуменне сапраўдных прычын таго замежнапалітычнага крызісу, у які цяпер уцягнутая Беларусь і які цяпер праявіўся ў прыняцці Еўрасаюзам абмежавальных захадаў супраць Беларусі і беларускай народнай гаспадаркі”.

„Прычыны той небяспечнай ізаляцыі краіны ад сусвету, якія мы цяпер бачым, — гэта ўнутраная палітыка ўладаў, парушэнні правоў чалавека і маштабныя рэпрэсіі, якія зведалі тысячы і тысячы беларусаў”, — падкрэсліў Янукевіч.

Партыя БНФ лічыць „надзвычай небяспечнай пагрозай штучную ізаляцыю краіны ад Еўропы і ад сусветнай супольнасці”.

„У тым ліку мы асуджаем крокі па самаізаляцыі Беларусі ад вонкавага свету — а менавіта як самаізаляцыя ад агульнаеўрапейскай супольнасці выглядаюць абвешчаныя захады, — напісаў палітык. — Трывожна, што некаторыя з гэтых захадаў маюць далёкасяжныя наступствы, якія цяжка выправіць (мы памятаем, як выдалены з Беларусі ў 2008 годзе амбасадар ЗША так дагэтуль і не вярнуўся ў краіну)”.

Янукевіч падкрэсліў, што для пазбаўлення ад абмежавальных захадаў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў уладзе трэба „вызваліць палітвязняў, спыніць пераслед апазіцыі і ўціск журналістаў ды грамадзянскай супольнасці, распачаць дыялог з тымі, каго цяпер улады пазбаўляюць права голасу і спрабуюць прымусіць замаўчаць”. 

„Нельга дапусціць апускання вакол Беларусі новай „жалезнай заслоны”, нельга дапусціць ізаляцыі краіны ад вольнага свету, нельга дапусціць пабудовы вакол Беларусі новых муроў”, — зазначыў прадстаўнік Партыі БНФ.

belapan.by