Партыя БНФ бярэ ўдзел у сустрэчы Рабочай групы па Беларусі ў Еўранэсце
У гэтыя дні намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі знаходзіцца ў Бруселі. Асноўная мэта візіту – удзел 29 студзеня ў чарговым пасяджэнні Рабочай групы па Беларусі парламенцкай асамблеі Усходняга Партнёрства (Еўранэст).
Згодна з праграмай 14-й сустрэчы Рабочай групы Еўранэст па Беларусі, пасяджэнне будзе ўключаць у сабе паведамленні еўрапарламентароў пра вынікі нядаўніх візітаў у Беларусь, а таксама абмен думкамі з прадстаўнікамі беларускіх партыяў і рухаў пра бягучую палітычную сітуацыю.
Напярэдадні Аляксей Янукевіч распавёў прэс-службе Партыі БНФ пра змест свайго візіту ў Брусель:
– Удзел у сустрэчы працоўнай групы Еўранэста па Беларусі – каштоўная магчымасць наўпрост весці камунікацыю не толькі з еўрапейскімі парламентарамі, але і з прадстаўнікамі парламенцкай улады краін-партнёраў (Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы). Безумоўна, на сёння і палітыкаў ЕЗ, і палітыкаў Беларусі, і палітыкаў іншых краін, што ўваходзяць у праграму Усходняга Партнёрства, непакоіць агрэсіўная палітыка Расейскай Федэрацыі. На жаль, мы назіраем эскалацыю гэтай агрэсііі – гэта і падзеі ў Азоўскім моры, і непрыхаваны ціск на Беларусь – менавіта пра гэта я планую казаць сябрам рабочай групы. Партыяй БНФ сфармуляваны выразны адказ на той выклік, які паўстае ў выніку інфармацыйных атак супраць Беларусі з боку: адзіным адэкватным адказам мусіць быць беларусізацыя Беларусі, якая азначае больш беларускай мовы, больш беларускай культуры, больш еўрапейскіх магчымасцяў для грамадзян Беларусі і больш сувязяў і кантактаў паміж беларускім народам і Еўропай.
Буду казаць пра сканчэнне тэрміну арэнды вайсковых аб’ектаў Расеі ў Беларусі і пра неабходнасць іх выдалення, для чаго зараз вельмі зручны час праз заканчэнне дамовы арэнды тых аб’ектаў. Гэта будзе магчыма, калі Еўропа будзе разглядаць Беларусь як элемент агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі, а не як частку расейскай сістэмы.
Безумоўна, гэта доўгатэрміновая задача, але доўгі шлях пачынаецца з першага кроку, і на шляху інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую (а пазней і ў трансатлантычную) сістэму бяспекі першы крок можа быць зроблены ў галіне інфармацыйнай бяспекі.
Я буду прапаноўваць рабочай групе (а таксама і ў фармаце іншых сустрэчаў, якія запланаваныя ў нас у Бруселі) канкрэтныя захады па інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую медыйную прастору. Для гэтага ёсць шырокія магчымасці як у межах інструментаў Еўразвяза, так і ў Рады Еўропы, і ў асобных краін. Барацьба з фэйкавымі навінамі, інфармацыйнымі правакацыямі – гэта той выклік, які цяпер у роўнай ступені стаіць перад усімі краінамі, у дачыненні якіх Расейская Федэрацыя пачынае ўжываць палітыку інфармацынйага шантажу. Беларусь мусіць быць часткай супольнага адказу на гэты выклік.
Я ўпэўнены, што такая пазіцыя БНФ знойдзе падтрымку калі не ўсіх, то пераважнай большасці беларускай дэмакратычнай дэлегацыі.
Безумоўна, гэтая сустрэча Рабочай групы будзе нешараговая і ў кантэксце набліжэння Беларусі да вялікага палітычнага сезону дзвюх выбарчых кампаніяў. Фактам ёсць тое, што ўлады адмовіліся ад дэмакратызацыі выбарчага працэсу, не ўнеслі зменаў у Выбарчы кодэкс. На жаль, ужо цяпер мы можам канстатаваць, што ў прававым рэжыме выбараў нічога не змянілася, і нашая супольная задача, задача ўсіх дэмакратычных партыяў – даць адэкватную ацэнку гэтаму факту. Я спадзяюся, што супольная праца па назіранні за выбарамі, якую вядуць розныя дэмакратычныя партыі і рухі, будзе захаваная незалежна ад зменаў у архітэктуры кааліцыяў і палітычных хаўрусаў. Вельмі важна не згубіць гэтую каштоўнасць – агульную ацэнку ўмоваў вядзення выбарчага працэсу на грунце супольнага назірання за галасаваннем.
Асаблівую ўвагу я хачу надаць тэме ўціску на прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці – лічу гэтую праблему вельмі важнай, і менавіта ў ёй роля еўрапейскіх палітыкаў можа быць ці не вырашальнай. На жаль, у час палітычных кампаніяў і выбараў рэпрэсіі ўзрастаюць: уціск па месцы працы ці вучобы, палітычна-матываваныя звальненні, адлічэнні з вучобы – гэта вельмі сур’ёзны сродак задушэння іншадумства ў арсенале ўладаў Беларусі. Спадзяюся, што мае словы будуць пачутыя таксама і спадарыняй Анаіс Марын, новым спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі, якая будзе браць удзел у пасяджэнні Рабочай групы праз відэасувязь. Запрашэнне яе да выступу перад Рабочай групай сведчыць пра тое, што тэматыка грамадзянскіх правоў і свабодаў у Беларусі застаецца ў прыярытэце Еўрапейскага звяза.