Партыя БНФ: Інтэграцыя з Расеяй — асноўная пагроза існавання беларускай дзяржавы
Партыя БНФ лічыць інтэграцыю з Расеяй асноўнай пагрозай існавання беларускай дзяржавы. Адпаведная заява была прынята на пасяджэнні сойма партыі 29 чэрвеня ў Менску.
Партыя БНФ патрабуе спыніць любыя інтэграцыйныя перамовы з Расеяй, а таксама настойвае на тым, каб быў неадкладна спынены продаж расейскім кампаніям беларускіх прадпрыемстваў і інфраструктуры, гаворыцца ў заяве.
Партыя таксама адзначае „безадказныя паводзіны” беларускіх уладаў перад „крытычнай пагрозай незалежнасці краіны”. Падкрэсліваецца, што фактычна было сарванае святкаванне 101-х угодкаў БНР, працягваецца націск на „беларускіх патрыётаў, якія выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг”, а таксама вядзецца „дзяржаўная русіфікацыя”.
Акрамя таго, у партыі ўказваюць на небяспеку „інтэграцыйных гульняў” з Масквой. „Змест і парадак дня перамоў аб новай інтэграцыі з Расеяй, якія актыўна праводзіліся ў гэтыя тыдні, цалкам схаваныя ад грамадзян Беларусі. Гэтыя таемныя перамовы толькі павышаюць заклапочанасць тым, што рыхтуюцца недапушчальныя з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнай незалежнасці саступкі Маскве”, — гаворыцца ў тэксце заявы.
Таксама адзначаецца, што фатальным крокам для беларускай дзяржаўнасці можа стаць увядзенне адзінай валюты Расеі і Беларусі. „Мы рашуча пратэстуем супраць вядзення любых перамоў па пытанні адзінай валюты з Расіяй, таму што гэта катэгарычна супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і нацыянальным інтарэсам”, — падкрэсліваюць у Партыі БНФ.
У канцы 2018 года расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.
21 чэрвеня прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў правёў у Менску перамовы з беларускім калегам Сяргеем Румасам. „Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не для таго каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы нарэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове”, — сказаў Мядзведзеў па іх выніках.
Сустрэўшыся затым з Лукашэнкам, расейскі прэм’ер заявіў, што самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня пакінутыя прэзідэнтам.
Чакаецца, што Лукашэнка і Пуцін правядуць сустрэчу 30 чэрвеня ў Менску, дзе адбудзецца цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.
belapan.by