Партыя БНФ крытычна ацэньвае ход выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы



Партыя БНФ крытычна ацэньвае ход выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, заявіў БелаПАН яе старшыня Рыгор Кастусёў паводле вынікаў пасяджэння сойма, якое адбылося 16 снежня ў Менску.

„Мы падвялі вынікі вылучэння людзей у тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі, рэгістрацыі ініцыятыўных груп. У акруговыя камісіі ўключылі толькі сем чалавек, у тэрытарыяльныя — наогул нікога”, — паведаміў ён.

Адзначым, што ў відэазвароце да выбаршчыкаў 7 снежня кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла „асаблівую актыўнасць некаторых партый”, паведаміла пра тое, што ў складзе акруговых камісій у два з лішнім разы павялічылася колькасць прадстаўнікоў Партыі БНФ.

„Калі б раней ўключалі аднаго чалавека, то можна было сказаць, што іх колькасць павялічылася ў сем разоў, — пракаментаваў гэтае выказванне Кастусёў. — Сем чалавек відавочна недастаткова для таго, каб пракантраляваць ход выбарчай кампаніі. Гэта кропля ў моры. Мы не задаволеныя тым, як праходзіць фармаванне выбарчых камісій”.

Палітык таксама паведаміў, што актывісты арганізацыі зарэгістравалі 32 ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. У цэлым, з улікам партыйнага вылучэння, Партыя БНФ спадзяецца быць прадстаўленая на мясцовых выбарах прыкладна пяццюдзесяццю кандыдатамі.

Чарговыя выбары дэпутатаў мясцовых саветаў адбудзецца 18 лютага 2018 года.

belapan.by